Ноч музеяў: Падарожжа ў свет незвычайнага


16 мая 2010 года ў рамках Міжнароднай акцыі “Ноч музеяў” УК «Віцебскі абласны краязнаўчы музей” запрашае жыхароў і гасцей горада Віцебска далучыцца да мерапрыемства ў Ратушы.

У рамках акцыі музей будзе працаваць для наведвальнікаў з 19.00 да 23.00.
Мы запрашаем Вас здзейсніць “Падарожжа ў свет незвычайнага” паводле твораў Яна Баршчэўскага. Згодна адной з трох дат нараджэння Я.Баршчэўскага (1790 г.) ў 2010 годзе спаўняецца 220 год з Дня нараджэння знакамітага беларускага пісьменніка.

Ноч ў музеі з аднаго боку прысвечана творчасці пісьменніка, а з другога – паказвае асацыяціі сучаснага чалавека ад створанага Янам Баршчэўскім вобраза Беларусі.

Чытаючы Яна Баршчэўскага, мы спасцігаем сваю гісторыю, светапогляд беларуса першай паловы XIX ст. і саміх сябе. Дзякуючы Я.Баршчэўскаму вобраз Беларусі становіцца сакральным, а беларуская ідэя – набыткам літаратурнай грамадскасці. Сапраўды, Я.Баршчэўскі здолеў выдатна паказаць у сваей творчасці беларуса, раскрыць яго характар, расказаць пра родны край.

У рамках правядзення “Ночы музеяў” плануецца шэраг мерапрыемстваў і акцый, якія будуць ладзіцца як на базе ўласна музея, так і сумесна з шэрагам арганізацый.

Кампазіцыйным цэнтрам мерапрыемства з’яўляецца выстава графікі Валерыя Славука з ілюстрацыямі да кнігі “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”.

УВАГА! З мэтай набыцця бясплатнага білета на мерапрыемства пры ўваходе ў Ратушу будуць зададзены пытанні, звязаныя з жыццем і творчасцю пісьменніка. Правільны адказ дае магчымасць бесплатнага ўваходу.


Мерапрыемствы:

• Выстава графікі Валерыя Славука. Ілюстрацыі да твору “Шляхціц Завальня” Яна Баршчэўскага з інсталяцыяй асобных прац.
• Выстава графікі выкладчыкаў і навучэнцаў УА “Віцебскае дзяржаўнае вучылішча мастацтваў”.
• Выстава драўлянай скульптуры. і выстава самаробных лялек Л.П. Канюшка.
• Выстава творчых дзіцячых прац, створаных на падставе твораў Я.Баршчэўскага (ДзМШ № 1).
• “Забавы ў стылі рэтра”. Гавораць рэчы.
• Сустрэча з ажыўшымі вобразамі, створанымі Янам Баршчэўскім у апавяданні “Шляхціц Завальня”
- “драўляны дзядок”
- “чарнакніжнік”
- “рыбак Родзька”


Праграма

19.00 – Музычная кампазіцыя (УА “Віцебскае дзяржаўнае вучылішча мастацтваў”).
20.00 – Абразцовы ансамбль танца “Егаза” (Цэнтр культуры “Віцебск”). Кампазіцыя “Цветочная фантазия”, кіраўнік ансамбля Людміла Самсонава.
21.00 – Таэтральная пастаноўка па твору Арнольда Дыбчы “Іванава шчасце” (УА “Дзяржаўная гімназія № 1 г.Віцебска”). Тэатральная студыя “Прым’ера”, кіраўнік – Т.В. Быкава.
21.30 – Харэаграфічная пастаноўка-імправізацыя “Па той бок часу” навучэнцаў УА “Дзяржаўная гімназія № 3 г. Віцебска імя А.С. Пушкіна” Узорная студыя сучаснага танца “Паралель”. Кіраўнік: Махава А.В.
22.00 – Харэаграфічны перфоманс “Супрацьстаянне”. Студэнткі ВДТУ Лучанкова Даша, Лісоўская Таццяна, Кушнярова Алена. Куратар: Васільева Г.С.
22.20 – Дэфіле мадэлей. Калекцыі адзення студэнтаў Віцебскага Дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта.
23.00 - FIRE-show.